У пачатку 2000-ых гадоў я вельмі захапляўся разгадваннем красвордаў і сканвордаў. Я займаўся гэтым амаль кожны дзень. Найбольш мне падабаліся красворды, якія публікаваліся ў газеце «Аргументы и факты». Яны былі складаныя, з падвохам і незвычайныя. Памятаю, накупіў тады сабе шмат розных кніжак па састаўленню і рашэнню красвордаў. У той час камп’ютэра у мяне не было. Камп’ютэр тады быў не ў кожнага, ён быў як роскаш. У той час яны толькі пачыналі сваю масавую даступнасць.
Восенню 2003 года ў мяне з’явілася думка – трапіць на тэлеперадачу «Поле чудес», якая здымалася ў Маскве і была вельмі папулярная. Я ведаў, што трапіць на гэтую гульню было не так проста. Варта было скласці і зрабіць незвычайны красворд. Некаторыя людзі па некалькі год спрабавалі гэта здзейсніць, але не атрымлівалася. Тады я прыдумаў вось што: усе пытанні красворда павінны быць на геаграфічную тэматыку.
Я ўзяўся за справу. Цяжкасць заключалася ў тым, што састаўленне крыжаванкі, увесь падбор слоў, прыходзілася рабіць у ручную, з дапамогай толькі кніжак. Увесь працэс заняў даволі доўгі час. У выніку, красворд складаў у сябе больш як за 100 слоў. Далей перада мной узнікла пытанне: «Як ён павінен выглядаць? З чаго яго зрабіць і як яго аформіць?»
Урэшце, я ўзяў дзве драўляныя дошкі, сашчапіў іх з дапамогай мэбляных пяцель. На тытульнай старонцы намаляваў пасярэдзіне глобус, па баках – матылька, мядзведзя, рыбу і пінгвіна. На другім баку – саму крыжаванку-сетку з адказамі, на трэццяй і чацвертай – пытанні па гарызанталі і вертыкалі. Усё гэта я выпаліў прыладай для выпальвання, якая была даволі распаўсюджаная ў маё дзяцінства, пакрыў лакам і сашчапіў невялічкім замочкам. Красворд быў падобен на кніжку і ўвогуле выглядаў як нядрэнны мастацкі выраб.
Сякія-такія работы па дрэву, напрыклад, інкрустацыю, мне дапамог зрабіць майстар Завішаў Аляксандр Сідаравіч, які пражывае ў вёсцы Кісцяні Рагачоўскага раёну. За што я яму ўдзячны.
У выніку, ад маёй задумкі і да стварэння крыжаванкі, прайшло амаль 6 месяцаў. Гэта я добра памятаю.
Праз два месяцы, з таго часу як я адправіў красворд у Маскву, мне прыйшло запрашэнне прыняць удзел у здымках капітал-шоу «Поле чудес».
Запрашэнне ўлічвала траіх чалавек разам са мной, але мы паехалі ўдваіх – я і мая жонка. На рабоце, дзе я ў той час служыў, мне аплацілі білеты на цягнік. Астатнія расходы былі за свой кошт.
27 траўня 2004 года мы прыехалі ў Маскву. Я з сабой прывёз такія падарункі: гліняная статуэтка вусатага мужыка ў лапцях, падобнага на вядучага Леаніда Якубовіча, трохлітровая бутэлька водкі «Беларусь сінявокая» Брэсцкага лікера-водачнага завода ў саламянай аправе, льняныя рушнікі і сарочка.
У гэты ж дзень усіх удзельнікаў гульні сабралі на інструктаж у тэлецэнтры «Останкино». За кожнай тройкай гульцоў быў замацованы асабісты інструктар, які расказваў, што можна гаварыць падчас гульні, а што няможна.
Напрыклад, нельга вымаўляць вытворцаў алкагольных напіткаў, бо гэта ўжо расцэньваецца як рэклама. І, забягаючы наперад скажу, што калі я дарыў Якубовічу гарэлку, то я не гаварыў, што яна Брэсцкага завода, а сказаў толькі, што яна беларуская. Дык і то выразалі гэты момант. Засталося толькі, як я кажу: «Пейте на здоровье».
Таксама нас спыталі: «Хто-што ўмее: спяваць, танчыць ці іграць?» Я адказаў, што магу праспяваць песню на беларускай мове пра Беларусь на гітары. Далі мне гітару, якая была не зусім годная, ледзь наладзіў яе. Яшчэ інструктар сказаў нам, каб мы крэпка не хваляваліся. Маўляў, ён возьме з сабой пляшку гарэлкі і мы вып’ем для храбрасці перад здымкамі. Амаль усе людзі, якія першы раз выступаюць перад тэлекамерай, хвалююцца і вядуць сябе нервова, незвычайна.
Здымкі капітал-шоу «Поле чудес» пачаліся 28 траўня і працягваліся два дні. Увогуле, здымаюцца чатыры гульні на месяц уперад. У адзін дзень здымаюць дзве гульні і ў другі дзень – дзве. Потым круцяць іх па тэлевізару кожную пятніцу увесь месяц.
Маё выступленне выпала на 29 траўня, таму мы з Жаннай 28-га пайшлі гуляць па Маскве. У першую чаргу наведалі музей гульні «Поле чудес», які нас зусім не ўразіў, а наадварот, пакінуў дрэннае ўражанне. Мы думалі, што тут убачым ўсе падарункі, якія ўдзельнікі прывозяць с сабой і аддаюць Леаніду Якубовічу. Але, выявілася, што тут знаходзіцца толькі невялікая колькасць таго, што уручаюць вядучаму перадачы. Потым мы наведалі Траццякоўскую Галерэю і Чырвоную плошчу, дзе нам спадабалася.
29 траўня мы прыехалі ў тэлецэнтр «Останкино». Я паспадзяваўся на таго інструктара, што абяцаў прынесці гарэлкі, але ён, нават, не прыйшоў на здымкі. Прыйшлося выступаць цвярозым. І таму я вёў сябе нявольна і быў непадобны на самога сябе.
Наша тройка выглядала так: мужчына з Масквы, я – з Мінску, жанчына – з Санкт-Пецярбурга. Так і стаялі за барабанам, я – пасярод. Заданне было такое: «Как раньше в древности называлась рожь?». Адказ складаўся з 7 літар. Першы пачаў мужчына з Масквы. Ён няправільна назваў літару і ход перайшоў да мяне.
Я крутнуў барабан і пачаў уручаць гасцінцы. Потым праспяваў песню «Аксамітны летні вечар». Спяваў нервова, хутка, голас дрыжэў. Хаця гэтую песню варта выконваць значна павольней. Атрымалася зусім не так, як у вёсцы на лавачцы пад самагонку.
Ад хвалявання ў мяне на галаве выступіў пот. Якубовіч распарадзіўся, каб здымкі прыпынілі. Хутка падбеглі дзяўчыны-грымёры і запэцкалі мне лысіну. Толькі пасля гэтага здымкі прадоўжыліся. Кінулася ў вочы, што Якубовіча тут крыху пабойваюцца, але і паважаюць.
Далей я назваў літару «И», на здзіўленне адкрылі дзве ў гэтым слове. Другім разам, пасля маіх падзякаў і прывітанняў сябрам і родным, што, дарэчы, выразалі з паказу, я згадаў літару «П», што аказалася недакладным.
Ход перайшоў да жанчыны з Санкт-Пецярбурга. Яна ўгадала літару «А», якая была апошняй у гэтым заданні. Як толькі адкрылі гэтую літару, я ўжо здагадаўся, што гэта за слова. Зараз яно выглядала так:
Далей жанчына памылілася і ход перайшоў да мужчыны. А я ў гэты час думаў, што, калі ён таксама недакладна адкажа, то я назаву слова цалкам. Але, на жаль, яму выпаў сектар «+», што дазваляла адкрыць любую літару. Адкрылі першую. Гэта была – «Ж». Мужчына вымавіў слова цалкам – «житница».
Усім нам далі падарунак – касетны відэамагнітафон «LG». Зараз гэта рарытэт.
Увогуле, паездка мне спадабалася. Што не выйграў, зусім не засмуціўся. Мэта была іншая – трапіць на гульню, не болей таго. Убачыў, як цалкам праходзіць працэс стварэння перадачы, ад здымак у студыі да паказу па тэлебачанню. На сваім прыкладзе я каторы раз упэўніўся, што няма ў свеце такой справы, якую чалавек, калі дужа захоча, не ў сілах здзейсніць.
А вось і відэа, дзе вы можаце паглядзець самі, як усё адбывалася.