
У мінулым артыкуле я распавядаў, як у 2021 годзе здымаўся ў серыяле “Полымя пад попелам”, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога быў Іван Міхайлавіч Паўлаў.
20 жніўня 2022 года я віншаваў з Днем нараджэння Івана Паўлава і папрасіў яго, каб узяў мяне ў якой-небудзь ролі, калі наступны раз будзе збірацца здымаць які-небудзь фільм. Міхалыч адразу адказаў, што ў 2023 годзе яго павінны зацвердзіць у якасці рэжысёра на фільм “Казбек”. Пад такой назвай планіравалі здымаць кіно беларусы разам з узбекамі, але з-за нейкіх рознагалоссяў узбекі пакінулі праект.
Я памятаю (тады яшчэ працаваў на кінастудыі), як у пачатку 2022 года узбекі квартыраваліся ў памяшканнях “Беларусьфільма”, рыхтуючыся да здымкаў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь не пахавала гэту ідэю і вырашыла зняць стужку сваімі сіламі, але пад другой назвай. Іван Міхалыч Паўлаў хацеў, каб беларускі праект называўся “Калі мы не памром”.

Даведачна: Казбек – гэта партызанская мянушка Героя Савецкага Саюза з Узбекістана ў гады Вялікай Айчыннай вайны – Мамадалі Топвалдыева, партызанскія подзвігі якога непарыўна звязаны з Беларуссю. Ён быў камандзірам аддзялення разведкі 5-га атрада партызанскай брыгады “Чэкіст”. У рукапашных баях знішчыў 76 гітлераўцаў, узяў у палон аднаго нямецкага генерала. Пасля чарговай аперацыі любіў кінжалам выразаць імя Казбек на дрэвах і так пакідаць свой след, тым самым трымаў немцаў у страху. За галаву Казбека гітлераўцы абяцалі 50 тысяч рэйхсмарак. Ён лічыўся асабістым ворагам Гітлера.

Пад Баранавічамі яго частка патрапіла ў акружэнне. Паранены і галодны, Мамадалі разам са сваім баявым таварышам беларусам Іванам Рыльковым некалькі тыдняў дабіраліся да вёскі Пасырова Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці, дзе жылі родныя Івана. Маці Рылькова прыняла ўзбекскага юнака як роднага сына і выхадзіла яго.
Пасля вайны ён вярнуўся на радзіму, працаваў старшынёй калгаса ў Рыштанскім раёне Ферганскай вобласці. Трагічна загінуў 6 траўня 1969 года.
У траўні 2023 года я пазваніў Івану Міхайлавічу Паўлаву, каб удакладніць наконт майго удзелу ў кінастужцы. Міхалыч сказаў мне: “Выбірай, кім жадаеш быць: ці партызанам, ці немцам”. Я адказаў: “Міхалыч, ну які ж з мяне партызан, паглядзі на мяне – выліты фрыц”. Рэжысёр пасмяяўся і сказаў: “Добра, будзеш тады здымацца ў якасці нямецкага салдата “Ягдкаманды” Вермахта” і папярэдзіў мяне, што гэта будзе эпізадычная роля. Я пагадзіўся.
Даведачна: Ягдкаманда – гэта спецыяльнае падраздзяленне Вермахта для барацьбы з партызанамі. Такія каманды прызначаліся для працяглых рэйдаў у адрыве ад асноўных сіл з мэтай высочвання партызанскіх груп, перакрыцці маршрутаў іх руху і арганізацыі нечаканых нападаў.


Праца над фільмам пачалася 23 чэрвеня 2023 года, у дзень пачатку аперацыі “Баграціён. Пры падборы акцёраў прыярытэт аддавалі беларусам. Як я пісаў вышэй, рэжысёр лічыў, што ваенна-гістарычная драма выйдзе пад назвай “Калі мы не памром”. Але, забягаючы наперад скажу, што ў пракат яна выйшла зусім пад іншай назвай.
Працэс здымак не быў працяглым, усяго 35 дзён, таму ўсе праблемы, якія ўзнікалі, даводзілася вырашаць аператыўна. Для аднаго з кадраў трэба было балота. Рэжысёр з памочнікамі праехалі па ўсёй краіне, паглядзелі восем балот, праверылі глыбіню, каб ніхто не патануў.
Цікава было, калі здымалі сцэну ўцёкаў з перасыльнага лагера. У сцэнары гэта адзін радок: “ваеннапалонныя пераплылі Дняпро”. А на справе здымкі адбываліся чатыры ночы ў чатырох розных месцах. Летам ночы кароткія, і нават даводзілася “тушыць” світанак. У адзін са здымачных момантаў здымаецца кадр і ў яго ўплываюць людзі. Рэжысёр пачынае ім крычаць: “Куды? Стоп!”. А аказваецца, да таго моманту ўжо тануў чалавек. Каскадзёры гэта ўбачылі і пабеглі ратаваць.

Мае здымачныя дні прыйшліся на ліпень 2023 года. Са мной у здымках удзельнічаў мой сябар Гошык. Ён спецыяльна прыязджаў на здымкі з Рагачова. Асноўнымі лакацыямі здымачнага працэсу ў той час з’яўляліся натурная пляцоўка кінастудыі “Беларусьфільм”, закінуты завод імя Кірава ў Мінску і лясныя краявіды ў Маладзечненскім раёне на беразе рэчкі Вілія.
Даведачна: Натурная пляцоўка кінастудыі “Беларусьфільм” пад Смалявічамі (кіношнікі называюць гэтае месца Смалевудам) была заснавана па ўказанні Пятра Машэрава ў 1971 годзе, і пік яе папулярнасці прыпадаў на савецкі час. Тады была распаўсюджана і іншая ходкая назва – “Партызанфільм”. Мясцовы ландшафт як мага лепш падыходзіў для здымак фільмаў ваеннага часу. Натурная пляцоўка ўяўляе сабой старую вёску і дэкарацыі ваенных часоў, таму тут здымаецца шмат фільмаў, у якіх варта паказаць быт сялян і антураж мінулага стагоддзя.

Мой першы здымачны дзень быў тут, на “натурцы”. Здымалі эпізоды наступныя: мы – ягдкаманда – прыйшлі ў вёску шукаць партызан. Ішлі па вёсцы і шпулялі з аўтаматаў. Нікога не знайшлі. Мясцовыя жыхары таксама нікога не выдалі. Таму прыйшлося адной жанчыне перарэзаць горла, а некалькіх – расстраляць.
Калі мы з Гошыкам 17 ліпеня прыбылі на завод Кірава, людей ужо было шмат. Гэты завод, дарэчы, знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і здымаць кіно тут каштуе даволі дорага! Нам выдалі нямецкае абмундзіраванне і аўтаматы MP-40. У народзе іх называюць “шмайсер”, што няправільна. Мне далі дзіравыя штаны, у якіх я і прахадзіў усе здымачныя дні.

Дарэчы, савецкая форма яшчэ да гэтага часу захоўваецца на складах кінастудыі “Беларусьфільма”. Форма нямецкіх салдат спецыяльна была пашытая. І каштуе яна нятанна! У сувязі з гэтым аднойчы адбыўся цікавы момант, – да рэжысёра падыйшоў мастак па касцюмах і папрасіў не ладзіць трапленне кулі ў “немцаў”. Гэта калі ў кіно забіваюць чалавека. Для гэтага пад адзенне падкладаецца спецыяльная штука, якая дыстанцыйна выбухае, і мяшочак з крывёй выліваецца. У рэальнасці ж застаецца проста дзірачка.
Атмасфера была прышпільная: ходзяць людзі ў розных адзеннях са зброяю, ездзяць старыя машыны ваенных гадоў, завучваюць тэксты акцёры, працуюць кінааператары, касцюмеры, асвятляльнікі. Кожны заняты сваёй справай. Хтосьці здымае ўвесь антураж на тэлефон, каб паказаць сябрам і знаёмым. Мы з Гошыкам таксама даволі нафоткаліся: і са зброяю, і з акцёрамі, і на машыне, і пад машынай, і з падвыпердам, і з перападвыпердам, і нават у пакоі, дзе вісела карціна з фюрэрам.


Тут, на тэрыторыі завода Кірава, па сцэнарыю, здымалі камендатуру горада Орша, куды прыбывае ягдкаманда са сваім камандзірам Рыхтэрам, якога сыграў расійскі акцёр Андрэй Трушын. У эпізодзе, дзе ён выходзіць з будынка камендатуры і рухаецца к паліцаям, мы з Гошыкам стаім у шарэнзе разам з іншымі немцамі з ягдкаманды (на відэа я абазначыў нас белымі стрэлкамі).
Другі эпізод: мы прыязджаем на машыне да камендатуры і выпрыгваем з яе. Потым стаім і ўважліва слухаем, што нам гаворыць Рыхтэр. Тут больш я ў камеру папаў, Гошык – толькі аднойчы.
31 ліпеня 2023 года рабочы працэс адбываўся ў лясу (за горадам Маладзечна) ноччу. Адразу здымалі эпізод, калі збеглыя ваеннапалонныя бягуць ноччу пад дажджом. Для гэтага выкарыстоўвалі штучны дождж. І ўвогуле, па сцэнарыю усю ноч павінен ісці дождж і бліскаць маланка. Таму ўсе эпізоды здымалі пад дажджом.
Калі дашла чарга і да нас, ішла ўжо чацвертая гадзіна раніцы. Было холадна. Некаторыя хлопцы, каб не прамокнуць, пад адзенне засунулі цырату. Мы з сябрам паспрабавалі таксама запіхаць яе пад адзенне, але выкінулі яе – няёмка.


Па сцэнарыю, гэтай ноччу ягдкаманда павінна была знайсці партызан і знішчыць іх. Аператару варта было зняць нас, а дакладней нашыя злосныя твары, у момант назірання за партызанамі. Каб зрабіць эфект маланкі на твары, выкарыстоўвалі спецыяльнае абсталяванне, якое ўключалі асвятляльнікі.
Пакуль знялі нашыя дублі, мы ўсе папрамакалі. Апошнім эпізодам знялі, як мы кідаем гранаты ў бок партызан. На відэа бачна, як я яе кідаю, а Гошык ззаду мяне “прыкрывае” з аўтаматам. Потым рэжысёр Паўлаў кажа: “Стоп! Ну, добра”.
У той моммант, калі рэжысёр даў сігнал аб сканчэнні здымак, ужо світала. Мы хуценька перапрануліся, селі ў маю машыну і паляцелі на Мінск. Дарэчы, фільм выйшаў на экраны 9 мая 2024 года пад назвай “Час вярнуцца”.
Тут вы можаце паглядзець невялікія эпізоды здымачнага працэсу з нашым удзелам.