У 2020 годзе лёс звёў мяне з выдатным чалавекам – акцёрам і рэжысёрам Іванам Паўлавым. У сакавіку гэтага года мяне запрасілі на пасаду «кіраўніка службы бяспекі» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».
У чэрвені хлопцы з кінастудыі арганізавалі рыбалку і пазвалі мяне з сабой. Да месца нашага лагера ў Барысаўскім раёне мне прыйшлося дабірацца на адной машыне з Іванам Паўлавым. Па дарозе мы балбаталі, расказвалі пра сябе. На рэчцы мы прабылі тры дні. Добра адпачнулі: пілі гарэлку, размаўлялі, спявалі песні пад гітару, таньчылі. Рыбы не злавілі – не клявала. Так я пазнаёміўся з рэжысёрам Паўлавым.
Аднойчы ў 2021 годзе да мяне ў кабінет прыйшоў Віталь Чарвякоў (на той момант, дырэктар фільма) наконт майго дазволу заехаць на машыне на тэрыторыю кінастудыі. Увесь праход людзей і рух транспарта на тэрыторыю кінастудыі ажыццяўляўся праз мяне, чаго патрабавала мая пасада.
Я кажу Віталію: «Слухай, цёзка, у мяне са школьных гадоў была адна няздзейсненая мара – зняцца ў кіно». Ён адказвае: “Дык гэта не праблема, ты працуеш на кінастудыі. Цяпер мы рыхтуемся да здымак фільма, дзе рэжысёрам-пастаноўшчыкам з’яўляецца Іван Паўлаў. Ён ведае цябе. Ідзі да яго зараз на праслухоўванне на якую-небудзь ролю».
Ісці на кінапробы я пасаромеўся. Але праз два дні ў калідоры мяне сустрэла Каця Тарасава і кажа: “Будзеш іграць ролю целаахоўніка бізнесмэна Сабаленкі. Мы цябе зацвердзілі”. Я быў шакаваны! Не паверыў… Зайшоў у кабінет да Паўлава і спытаў у яго. Міхалыч падцвердзіў.
Летам 2021 года пачаліся здымкі фільма-серыяла “Полымя пад попелам”, які складаецца з 8 серый. Гэта фільм пра тое, як падпалкоўнік Аляксей Акуліч служыць у Процімінным цэнтры Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, дзе займаецца гуманітарным размініраваннем. Яго падраздзяленне вызваляе тэрыторыі рэспублікі ад выбухованебяспечных прадметаў, якія знаходзяцца ў зямлі з часоў вайны.
А калісьці яго дзед, будучы падлеткам, у складзе добраахвотных атрадаў АСААВІЯХІМа ў 1945 годзе прымаў актыўны ўдзел у размініраванні Мінска і наваколля. І да гэтага часу ў яго памяці жывыя тыя перыпетыі, праз якія яму, разам з таварышамі, давялося прайсці ў той няпросты пасляваенны час.
Мой першы дзень на здымачнай пляцоўцы адбыўся 26 ліпеня 2021 года. А дакладней не дзень, а змена – так кіношнікі называюць свой працоўны дзень ці ноч. Змена складаецца з 12 гадзін. За змену і плацяць грошы. Нават можна і 1 гадзіну правесці на здымках, а заплацяць як за змену.
Сама здымачная пляцоўка знаходзілася ў лясу за вёскай Каменка, што недалёка ад Смалявіч. Касцюм мне не выдавалі, у адрозненне ад іншых акцёраў, якія выконвалі галоўныя ролі. Здымаўся я ў сваім касцюме і сваіх туфлях. Дзяніс Паршын, які іграў ролю бізнесмэна Сабаленкі, казаў мне, што яму ўсё выдалі на кінастудыі. Мне ж толькі шкарпэткі далі.
Надвор’е стаяла добрае, сонечнае. Для акцёраў на здымачнай пляцоўцы ўсталёўваюць спецыяльныя вагончыкі, якія ў кіношным асяроддзі называюцца “рулоты”. У гэтых рулотах акцёры перад здымкай адпачываюць, ядзяць ці паўтараюць тэксты. У каго ж эпізадычныя ролі – размяшчаюцца, дзе прыдзецца. Таксама наконт ежы – акцёрам яе у рулоты прыносяць, а эпізоднікі і масавікі за ежай ходзяць самі.
І трэба ж было так здарыцца, што менавіта першы мой здымачны дзень аказаўся самым складаным за ўсе астатнія. Тут і тэкст варта было гаварыць, і сам эпізод быў складаны. І ўсё гэта было першы раз перад камерай. Вельмі хваляваўся, але на экране гэта быццам і незаметна. Канешне, зараз бачна, што я не прафесійны акцёр. У эпізодзе, дзе я дастаю пісталет з кабуры і бягу за ўцякачом, я не павярнуў галаву ў яго бок, каб ацаніць абставіны, а адразу пабег за ім. Гэты кідаецца ў вочы (на відэа гэты момант: 01:10:00).
Дарэчы, многія акцёры не глядзяць на сябе ў кіно, у якіх яны здымаюцца, бо баяцца бачыць свае акцёрскія памылкі. Я пытаўся двух мужчын, якія даволі часта удзельнічаюць у здымках кіно і былі са мной у адным рулоце. Не глядзяць на сябе па тэлевізару, саромеюцца.
Акрамя гэтай лакацыі, мы здымаліся таксама ў Мінску. Па Мінску я вазіў свайго шэфа бізнесмэна Сабаленку на машыне, калі той у гэты час размаўляў па тэлефону (ролю іграў акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Дзяніс Паршын).
Калі здымалі на трасе «Мінск – Гродна» каля кавярні, мая роля была сядзець за рулём аўтамабіля і ўсё. Тут мы з Дзянісам і прабылі, мабыць, гадзіны дзве ўсяго і нас рэжысёр адпусціў да хаты. А грошы нам заплацілі, як за змену – за 12 гадзін. Дарэчы, мне плацілі 250 рублёў за змену. Усяго я ўдзельнічаў у дзесяці здымачных днях.
Увогуле, здымкі кіно – гэта цікавы, захапляючы працэс, які зацягвае цябе адразу і надоўга.
У наступным артыкуле я раскажу, як здымаўся ў чарговым фільме рэжысёра Івана Паўлава у якасці нямецкага спецназаўца ягдкаманды вермахта.