
У мінулым артыкуле я пісаў, як скончыўшы школу ў 1991 годзе, я не ведаў куды мне паступаць, я не мог вызначыцца з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё. Бацька мне казаў: “Ідзі паступай у фізкультурны!”.
Так, па ўсіх фізіялагічных параметрах, атрыманых у спадчыну ад бацькі, я больш падыходзіў для спартовай дзейнасці. Тым больш, што я з дзяцінства ганяў у футбол, гуляў у валейбол, баскетбол і настольны тэніс. Удзельнічаў у раённых і абласных спаборніцтвах па бегу і кросу.
Але, навучыўшыся іграць на гітары і ўдарніках, у той час душа рвалася да музыкі. Мама ж тады сказала: «Вунь, Сяргей Крылісценка вучыцца ў РТІ (радыётэхнічны інстытут). Ідзі і ты туды паступай». Я ж думаў… О, Божа! Які з мяне фізік і матэматык…
Ужо не памятаю, як яна мяне ўгаварыла і як я на гэта пагадзіўся, але ў тое лета я апынуўся ў Мінску ў Самарыных. Мама патэлефанавала свайму траюраднаму брату, дзядзьку Віктару, каб яны мяне прытулілі да ўступных іспытаў. Так я і жыў у іх усё лета. Памятаю, кватэра знаходзілася каля Камароўскага кірмаша. Іх сям’я тады выглядала так: дзядзька Віця, цётка Зіна і сыны Коля і Дзяніс.
У інстытут я не паступіў. Першы ж іспыт па матэматыцы здаў на «2» і з’ехаў дадому ў вёску. Усё, што не робіцца, усё да лепшага. Я не ўяўляю, як бы я тамака вучыўся, калі б паступіў. Ніколі не любіў фізіку і матэматыку. Маімі любімымі прадметамі ў школе былі: гісторыя, геаграфія, літаратура і мовы.
Дома з бацькамі пачалі разважаць, што рабіць далей, бо ўступная кампанія ўжо скончылася. Мама прапанавала, каб год дарма не знік, каб не хістаўся па вёсцы з мясцовымі забулдонамі, ісці ў Рагачоўскі ПТВ-150 на спецыяльнасць «мантажнік радыёэлектраапаратуры і прыбораў». Набор студэнтаў туды яшчэ ішоў.
У верасні 1991 года я засяліўся ў інтэрнат гэтай вучэльні па вул. Гогаля, 53. У гэта ПТВ паступіў і мой аднакласнік – Андрэй Фяськоў («Сеня»). Мы жылі з ім у інтэрнаце ў адным пакоі. Крыху пазней да нас падсяліўся яшчэ адзін хлапец – Кірыл Блізнюк. Ён быў з Расіі, з Грознага. У той час у Чачні ўжо было жудасна і расейцы ўцякалі адтуль. Так мы і жылі ўтрох у пакоі пад нумарам “204” з верасня 1991 па травень 1992 года.
А як мы жылі і дзівачылі ў той час, раскажу ў наступным артыкуле.