
У 2019 годзе наша кампанія здабывала золата ў Зімбабвэ ў раёне горада Мутарэ (Mutare). Справы ішлі ні хістка, ні валка ўжо некалькі месяцаў. І нашы кіраўнікі вырашылі правесці геолагаразведку ў іншым месцы краіны, а менавіта, недалёка ад горада Чынойі (Chinhoyi) у вёсцы, размешчанай у рэчышчы ракі Ангва.
З Мутарэ, які знаходзіцца побач з Мазамбікам, мы пераехалі ў сталіцу Зімбабвэ – Харарэ (Harare). З сабой мы ўзялі неабходнае абсталяванне і матэрыялы для прамывання золата.

На працягу тыдня мы затарваліся неабходным начыннем і правіянтам. Купілі палаткі, дызельны генератар, газавую гарэлку, сонечныя батарэі, паліва і іншыя рэчы для дзесяцідзённага пражывання ўдалечыні ад цывілізацыі.
Дарэчы, сонечныя батарэі вельмі папулярныя ў Зімбабвэ. Без іх увогуле немагчыма выжыць у вёсцы. У гарадах крыху лягчэй, але ўсё роўна. Яны ляжаць на дахах дамоў, ад іх зараджаюць тэлефоны і іншую тэхніку.
У 2019-ым годзе з-за засушлівага сезона рэкі стаялі непаўнаводныя, мясцовыя электрастанцыі не выраблялі дастаткова электраэнергіі і ў краіне амаль кожны дзень адключалі электрычнасць. У Харарэ днём практычна святла ніколі не было, уключалі толькі позна ўвечар. Даводзілася нават уначы ўставаць, каб душ прыняць. Падача вады з бойлера ў хату адбывалася толькі тады, калі працавала электрычнасць.

Дарэчы, цэнтральнай сістэмы падачы вады ў дамы ў Зімбабвэ я не бачыў. Прынамсі, ў тых дамах, дзе я жыў і што бачыў у суседзяў. У асноўным стаяць вялізныя бойлеры каля дамоў. У вёсках жа людзі бяруць ваду са студняў.
21 чэрвеня мы адправіліся на двух машынах з Харарэ ў горад Каройі ўтрох: я, мой шэф – Яўген і Прычард. Прычард – гэта мясцовы хлопец-зімбабвіец, які працаваў у нас прамывальнікам ужо не першы месяц. Калі я з ім пазнаёміўся (яшчэ ў траўні месяцы), ён аказаўся кемлівым, з пачуццём гумару чалавекам.

У Кароі да нас у дапамогу далучыўся чалавек з мясцовага КДБ. Адтуль мы заехалі ў мястэчка пад амерыканскай назвай Аляска, чаму я быў здзіўлены. Тут мы падхапілі яшчэ аднаго мясцовага. Яго звалі Прэшэз. Ён быў нашым ахоўнікам. З сабой у яго была вінтоўка. Не памятаю мадыфікацыю, але яна была яшчэ, мабыць, з часоў першай сусветнай…

Сказаць па праўдзе, забягаючы наперад, Прэшэз у далейшым нам выдатна дапамог. Мы жылі ў вёсцы. Прэшэз ахоўваў нас па начах. Днём ён адсыпаўся. Мясцовыя галаварэзы, убачыўшы ахоўніка са зброяй, баяліся падыходзіць да нашага лагера.
І так, забраўшы ахоўніка і вярнуўшыся ў Каройі, мы размясціліся на начлег у адной з мясцовых гасцініц. Я пасяліўся ў адным пакоі з Прычардам. У мяне была з сабой бутэлька добрага віскі – “The Famous Grouse”. Дарэчы, кошты на спіртное ў Зімбабвэ такія ж, як і ў нас. Мы з Прычардам сербанулі крыху віскі з конаўкі, паелі піцы і леглі спаць.



22 чэрвеня 2019 года мы ўпяцёх прыбылі ў вёску, дзе і разбілі лагер. Перад гэтым, мясцовы камітэтчык дамовіўся са старастай вёскі, каб нас не чапалі, дазволілі размясціцца ў іх вёсцы, далі магчымасць працаваць – адбіраць пробы грунта для прамывання ў раёне вёскі і ракі Ангва, а таксама дапамог з жывой сілай.
Стараста пагадзіўся, але папрасіў яшчэ ў нас бензіну, саляры і масла аўтамабільнага. Так і пачалася наша дзесяцідзённая экспедыцыя. Пра далейшыя падзеі раскажу ў наступным артыкуле…
Причарда я знаю …я изучал коренное золото в Бассеинах рек Ангва ,Мазовии ,Руения ,Макахе
Это здорово, если Причарда знаете. Передавайте ему привет от меня, если будете его видеть снова.